ГРО́ДЗЕНСКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала са снеж. 1943 да ліп. 1944 на тэр. Гродзенскага р-на; уваходзіла ў Беластоцкую абласную антыфашысцкую арганізацыю. Складалася з падп. груп (больш за 80 чал.) у Адэльскім, Індурскім, Капцёўскім, Крынкаўскім, Кузніцкім, Сакольскім, Эйсмантаўскім сельсаветах. Узначальваў яе раённы антыфаш. к-т (старшыня А.М.Шумілін). Члены арг-цыі вялі масава-паліт. работу ў населеных пунктах, распаўсюджвалі падп. газеты, зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, забяспечвалі партызан разведданымі аб праціўніку, зброяй, боепрыпасамі, медыкаментамі, харч. прадуктамі. Разам з партызанамі прымалі ўдзел у дыверсіях на чыгунках Гродна—Беласток і Гродна—Масты, пашкодзілі тэлеф. лінію на адрэзку ў 7 км, знішчылі 2 вагоны з авіябомбамі і інш.

т. 5, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)